У́РНЫ ПАХАВА́ЛЬНЫЯ,
пасудзіны для пахавання рэшткаў нябожчыкаў пасля іх крэмацыі. Пашыраны ў розных народаў з першабытных часоў. Вырабляліся з гліны, каменю, металу, мелі разнастайныя формы. Іх ставілі ў грунтавых магілах або ў курганах, у рымлян захоўваліся ў хатах нябожчыкаў або ў спец. памяшканнях — калумбарыях. У Еўропе пахаванні ў урнах трапляюцца з эпохі бронзы і сведчаць пра змену пахавальнага абраду (ад трупапалажэння да трупаспалення). На тэр. Беларусі найб. раннія У.п. вядомы на могільніках тшцінецкай культуры зах. Палесся і на могільніку каля в. Нача (Воранаўскі р-н). У.п. жал. веку знойдзены на помніках паморскай культуры ў Драгічыне, Ратайчыцах (Камянецкі р-н), Трасцяніцы (Брэсцкі р-н), зарубінецкай культуры ў Атвержычах (Столінскі р-н), Сямурадцах (Жыткавіцкі р-н), калочынскай культуры, культуры доўгіх курганоў паўн. Беларусі і інш. Звычай пахавання ў урнах існаваў у дрыгавічоў, радзімічаў, крывічоў да пашырэння хрысціянства. Захаваўся ў некат. народаў.
т. 16, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)